My Brother Inside. Лiтаратура на ўiк-энд

Культ • Алиса Бизяева
Пiсьменнiца Аліса Бізяева выдае дэбютны зборнік кароткай прозы «Дзяўчына на прыпынку», куды увайшлі 13 апавяданьняў – пра падарожжа, пошукі сябе, пра сталенне, чаканне, пра роспач і цуды, якія заўсёды недзе побач. Унiзе вы знойдзеце спасылку, паводле якой можна замовiць кнiгу Алисы на сайце Ulej.by.

Я выглядаў, як ідыёт, калі мама выйшла ў вестыбюль забраць маю перадачу. Я павіншаваў яе і пацалаваў у шчаку. Мне горача было ад позіркаў, што драпалі па сьпіне. Так, мама выглядала ня надта – у пацёртым, шпітальным, відаць, халаціку, з-пад якога тырчэла нейкая шызая начная кашуля. У яе быў белы ў сетачку капіляраў твар, стомленыя вочы і шэрань пад імі. Звычайна мая маці вельмі сучасная і дагледжаная, яна дала б фору любой дваццацігадовай шалахвостцы. Яна крутая, проста мы з вамі напаткалі яе ў такі складаны час – учора яна нарадзіла мне браціка. Гэта не было сюрпрызам. Нараджэньне чалавека – гэта ўвогуле такі няхуткі працэс, калі лічыць ад самага пачатку. Першыя чатыры месяцы мама яшчэ неяк хавала, але на пяты ёй давялося абвесьціць, што таўсьцее яна не праз салодкае, а праз тое, што цягае пад сэрцам майго брацельніка. Я быў, шчыра кажучы, у шоку. Пэўна, ня кожны дваццацігадовы хлопец трымае ў галаве, што ягоныя бацькі і цяпер займаюцца сэксам. Карацей, мы паехалі ў краму па новую вопратку на два памеры больш.

Ужо тады я пачаў прызвычайвацца да колкасьцяў і нетактоўнасьці асяродзьдзя. На нас з мамай, сарамліва хаваючы вочы, пазірала прадавачка. Так, звонку мы глядзеліся дзіўнай парачкай. Я трымаў маму пад руку. Яна ня зводзіла зь мяне замілаваных вачэй – так радавалася, што я пагадзіўся паехаць зь ёю. Але розьніцца ва ўзросьце кідалася ў вочы. І я быў вельмі раззлаваны: хіба нельга паварушыць зьвілінамі, каб зразумець, што жыцьцё не такое пляскатае і стэрэатыпнае, як вы сабе ўяўляеце? Бываюць розныя выключэньні. Пазьней адмыслова для такіх паходаў я замовіў цішотку з надпісам: «Mybrotherinside». Але гэта ня надта дапамагала, усе вылупляліся то на маю майку, то на мамін жывот, але ў іх ніяк не спрацоўвала зьвіліна, каб скласьці гэты няхітры пазл. Тым больш я потым дацяміў, што надпіс на цішотцы мае выразную людаедскую канатацыю, і не надзяваў яе больш.

Я разумеў, што маёй маці было яшчэ складаней – у 45 гадоў вырашыцца на тое, каб нарадзіць дзіця, – гэта выклік усяму грамадству і сапраўдны геройскі ўчынак.

І, паверце, стан здароўя тут ні пры чым. Ёй ушчэнт папсавалі нэрвы нетактоўнымі пытаньнямі ды перашэптамі. Іх было рэальна шмат.

Бацька, які сваёй наяўнасьцю побач мог бы пазытыўна паўплываць на гэтую сітуацыю, вечна быў тыпу заняты. Але я думаю, што рэч ня ў гэтым. Проста ён ня вельмі цікавіцца такімі справамі. Ён лічыць, што дзеці, пялюшкі, радзільні – усё гэта не для сапраўдных мужыкоў. Яшчэ добра, што мама зноў нарадзіла хлопчыка. Яна пра гэта кожны дзень неўпрыкмет малілася, таму што тата сказаў: калі будзе дзеўка, ён увогуле за імі не паедзе. Нармальна? Можа, ён і жартаваў, вядома ж. Але зь яго б сталася. У радзільню забіраць свайго сына ён, на шчасьце, усё ж прыехаў. Але пяць дзён, пакуль маці была ў лякарні, перадачы цягаў ёй я. Лётаў па горадзе ў пошуках рэчаў, сьпісы якіх яна дасылала смскамі мне, а ня тату. Але я намагаўся асабліва не рэфлексаваць з гэтай нагоды, проста паступова набываў рэчы зь бясконцых сьпісаў. Як кажуць, google быў мне ў дапамогу. Мяне зьдзіўляла, як багата трэба такому маленькаму чалавеку.

Фото: Garry Winogrand

Калі маці нарэшце выпісалі з радзільні, я ўжо так стаміўся ад «Ролтана» на абед і вячэру і так неверагодна радаваўся мамінаму амлету з памідорамі і цыбуляй, што расплакаўся за сьняданкам. Хлопча нам трапіўся з характарам, таму «ралтонавая» дыета працягнулася яшчэ колькі дзён, пакуль не прыехала матчына сястра і ня выратавала нас усіх ад язвы страўніка.

Калі брату споўнілася два тыдні, яго дазволілі выгульваць

Спачатку па дзесяць хвілінаў, потым па паўгадзінкі. А калі працягласьць прагулянак стала неабмежаванай, гэтая ва ўсіх сэнсах адказная справа лягла на мае плечы. «Сынок, ты ўвесь час сядзіш за кампом. І я падумала, калі б ты гуляў са Стасікам, было б усім добра. І табе, і мне, і яму». Я ня мог адмовіць маці, тым больш, што яна мела рацыю – я і сам падумваў пра тое, каб нешта зьмяніць у маім раскладзе зацюканага фрылансера, але для гэтага не было нагоды – замоваў усё больш, ганарары ўсё меншыя. Працадаўцы спасылаліся на крызыс і падаткі, але самі большасьць часу бавілі на Канарах. Яшчэ і нахабна называлі сваё курортнае жыцьцё даўншыфтынгам.

Брацік – дарэчы, імя Станіслаў прыдумаў я – спаў увесь час на прагулянцы. Адзінай ўмовай было тое, што трэба было рухацца. Карацей, пасядзець з кніжачкай у гэты час мне не выпадала. Але гэта нармальна, я ўсё адно не фанат бавіць час на лавачках і цалкам падзяляў братаву страсьць да рухаў. Таму мы каталіся на роліках па сьцежках парку, слухаючы прыстойны індзі, чылаўт ці розныя сьцёбныя аўдыёкніжкі. Калі брат крыху пасталеў, мне так надакучылі адны і тыя ж сьцежкі ў парку Горкага, што я стаў насіць яго гуляць у сьлінгу – такім чынам мы былі больш мабільныя і маглі сноўдацца па сквотах, будоўлях і маляўнічых падваротнях. Супраць гнеўных бабулек у мяне не было нічога, апроч жалезнай самаўпэўненасьці і ледзянога выразу твару. Затое дзяўчыны адорвалі мяне надзвычай цікаўнымі і адчайна замілаванымі позіркамі, праўда, на жаль, ня бачылі ўва мне кандыдата для знаёмстваў. Шкада... дзіця – гэта клясная фенька для прыцягненьня ўвагі дзяўчынаў, але далей справа не йшла, самі разумееце...

Я марыў, каб нарэшце ўсталявалася добрае надвор'е, тады б я ізноў надзеў сваю цішотку – калі малы ў сьлінгу, гэты надпіс набывае выгадны сэнс – і мы паедзем катацца на ровары па Лошыцкім парку. Маці, ясная справа, ніколі б мне гэтага не дазволіла, бо лічыла такія прыгоды небясьпечнымі, але я ўжо ўсё прыдумаў: загадзя пакіну ровар у Толіка…Так, гэта гучыць дзіўна – ну, тое, што я так клапачуся пра малога, нібыта ў мяне сваіх справаў няма. І, нягледзячы на зьбянтэжанасьць, я буду з вамі шчыры, пэўна таму, што мне хочацца сказаць зараз нешта важнае. Калі я пачаў гуляць з малым, назіраць за ім, размаўляць – мне стала так цікава! Нешта перакулілася ў маёй галаве, калі нарадзіўся Стас. Здаецца, я стаў цалкам іншым чалавекам, больш уважлівым да таго, што адбываецца навокал.

Сярод маіх аднагодкаў ёсьць людзі, якія заўважаюць, што дрэвы растуць, што сэзоны чаргуюцца, што прырода мяняе вопратку… толькі дзеля таго, каб зрабіць файнае фота ў інстаграме. Магчыма, некаторым зь іх гэта сапраўды па жыцьці цікава. Але большасьць – любіць глядзець кіно, фантастыку, блокбастэры, сэрыялы ці гуляць у танчыкі. Жывое жыцьцё звычайна іх расчароўвае. У ім складана быць героямі. Дзеля гэтага трэба штораніцы адрываць свой зад ад канапы і выходзіць у адкрыты космас – туды, дзе ўмовы непрадказальныя і абставіны кожны раз зьмяняюцца, ня тое што ў кампутарнай гульні. Таму я разумею, як вам дзіўна, што я замарочваюся такімі рэчамі. Вам складана мяне зразумець, але мне сапраўды цікава назіраць за тым, як расьце маленькі чалавек. Магчыма, я крыху сэнтымэнтальны, але нам са Станіславам пашанцавала. Мы добрая кампанія.

У гэтым сакавіку Стасу споўнілася два гады, і я падарыў яму ровар. Не такі плястыкавы зь лялечнымі пэдалямі й ручкай, за якую звычайна маці рухае гэтую пачвару і сама вырашае, куды паварочваць, пакуль дзіця трымаецца за штучнае стырно. Сапраўдны ровар, толькі маленькі. Малы хутка навучыўся езьдзіць сам. Таму кожны дзень мы бярэм свае колы – ён ровар, а я ролікі – і выпраўляемся ў які-небудзь зь менскіх паркаў, дзе бавім дзьве гадзіны... Малы ўсьміхаецца мне, а я паказваю яму рукой на сьцежку сярод дрэваў: «Глядзі, Стас, якія дзяўчонкі! Ты тут пакатайся, я хуценька зганяю, пагляджу бліжэй».

Праношуся ля дзяўчатаў і ненаўмысна кранаю адну рукой. Яны абарочваюцца. Надзьмутыя вусны, пачырванелыя шчочкі, паказное абурэньне на сімпатычных тварыках – гэта мне вельмі даспадобы. Я ўсьміхаюся ім і машу рукой. Яны праходзяць колькі мэтраў. Тая, што падабаецца мне найбольш, кажа нешта сваёй сяброўцы на вушка – нібыта некаму ёсьць да іх справа – і яны сядаюць на лавачцы, тыпу пагутарыць, але ўпотай пазіраюць на мяне. Я, тым часам, вяртаюся да Стасіка (надоўга пакідаць яго яшчэ ня варта, хоць ён увесь час у полі майго зроку). Забаўна назіраць, як у дзяўчатак акругляюцца вочы і як хутка яны страчваюць да мяне цікавасьць і сыходзяць па сваіх справах. «Што, Стасік, і гэтыя зьбеглі». Брацельнік стаміўся, і я прапаную яму вяртацца дадому.

Фото: William Eggleston

Малы засынае ў мэтро, і мне даводзіцца цягнуць яго і ровар трыста мэтраў ад мэтро да дому – гэта мой нелюбімы занятак

Таму што трэба клапаціцца пра тое, каб Стас не прачнуўся. Я адчуваю, што нехта падхоплівае ровар. З-за маёй сьпіны вызірае дзяўчына. Яна шэптам (зацаніце ступень чуласьці) прамаўляе: «Давай дапамагу», – і глядзіць на мяне зьнізу, усьміхаецца. Дзяўчына, шчыра кажучы, незямной прыгажосьці. Таму я ледзьве не губляю раўнавагу і таксама разгублена ўсьміхаюся. Пэўна, выглядаю, як небарака. Яна проста ідзе побач і, што самае цікавае, нічога не пытае і не камэнтуе. Ніякіх «які малады татка» ці «вы такі малайчына, з сынам гуляеце». Але ад яе я б і гэта сьцярпеў. Мне так і карціць завязаць зь ёй размову на любую тэму. Мы даходзім да майго пад'езда. «Які паверх?» – пытае яна. «Нічога. Далей я сам», – адказваю я. (Ледзь не забіў сябе за гэтыя словы потым.) «Як хочаце», – адказвае яна і ўсьміхаецца мне яшчэ раз наразьвітаньне. У мяне балюча сьвярбіць над дыяфрагмай, і я стаю з малым на руках яшчэ некалькі хвілінаў, гледзячы ёй усьлед. Але яна не азіраецца. І гэта проста катастрофа! Тыя трыста мэтраў, пяць хвілінаў зьмянілі маё жыцьцё, у якім, як я вельмі хутка пераканаўся, раней не было ніводнага няшчасьця.

Усе радасьці жыцьця з таго часу страцілі для мяне смак. Я забіў на працу. Ледзьве дацягваў распачатае, але адмаўляўся ад усіх новых праектаў. Маці, якая адчула мой сум, прыходзіла па вечарох у мой пакой, цяжка ўздыхала і асьцярожна пыталася, што яна можа для мяне зрабіць, ці не хачу я пазбавіцца свайго штодзённага абавязку – гуляць са Стасам. Гэтага мне хацелася найменш. Наадварот, мае прагулянкі з братам зрабіліся даўжэйшыя. Я мог гадзінамі дзяжурыць зь ім у нашым двары і спадзяваўся, што дзяўчына жыве недзе недалёка і мы калі-небудзь пабачым яе зноў. Таму я цярпліва нёс сваю варту, пакуль Стасік катаўся на арэлях ці на ровары туды-сюды ўздоўж нашага дому і па ходніку да мэтро, па тым маршруце, які мы аднойчы прайшлі разам – яна, дасканалая каралева прыгажосьці, і я, бездапаможны і занадта малады «тата». Увесь астатні час я бадзяўся па горадзе адзін, слухаючы музыку, а калі вяртаўся дадому, гадзінамі чытаў. І ўсё думаў, ці памятае яна пра мяне, ці пасьпеў я хаця б крыху ёй спадабацца. Але шанцаў было мала, хутчэй за ўсё яна думала, як астатнія, што я шчасьлівы, малады і жанаты.

Часам я засіджваўся за праектам, а потым, зьбіўшы біялягічны гадзіньнік запозьняй кавай, круціўся ў ложку і падоўгу ня мог заснуць. Яе прысутнасьць недзе побач адчувалася асабліва моцна. Мяне глючыла, і на фоне дэпрывацыі сну я нібыта бачыў яе скрозь сьцяну. Яна сядзела ў старым фатэлі сярод стракатай гасьцёўні, нібыта з рэпрадукцыі Станіслава Жукоўскага, якая стаяла на маім падваконьні. Я бачыў, як сонца ліецца ў вакно і кладзецца мазкамі алейнай фарбы на антыкварны стол.

* * *

Сонца ліецца ў вакно cкрозь лісьце волата-каштана, які я памятаю такім вялізным яшчэ зь дзяцінства, кладзецца гульлівымі мазкамі на старыя пашарпаныя фатэлі, люструецца сьляпучымі блікамі ад шкляных дзьвярэй кніжнае шафына антыкварны стол, дзе ляжыць стракаты абрус, каб прыкрыць аблуплены шпон. Усё гэта ператварае маю старую гасьцёўню, дзе ніколі не рабілі рамонта, у жывапіснае палатно. Мэбля паступова рассыпаецца, але мне падабаецца наш амаль музэйны інтэр'ер, які бабуля клапатліва даглядала, а потым мы зь сястрой па-дзявочаму, як умелі, цыравалі дзірачкі, прымотвалі матузкамі зламаныя дэталі фатэляў, намагаліся прыляпіць арэхавы шпон клеем ПВА, клапатліва праціралі кніжныя паліцы, якія дыхалі на ладан. Цяпер, праз столькі год, гасьцёўня, кожную дэталь якой я змагла захаваць і як сьлед адрамантаваць, не выглядала для мяне старой, хутчэй, утульнай. Яна прываблівала сваёй шляхетнай даўніной, як дагледжаны пакой багатай сядзібы.

Той хлопец жыве ў доме насупраць, і з вакна гэтай гасьцёўні я магу назіраць, як ён гуляе з маленькім хлопчыкам, размаўляе зь ім, катае яго на арэлях, клапатліва суцяшае, калі той упадзе. Аднойчы мы сутыкнуліся ля ўваходу ў мэтро. Ён нёс хлопчыка на руках, і я дапамагла яму дацягнуць да пад'езда дзіцячы трохколавы ровар.

Часам мяне ахоплівае думка: раптам хлопчык даводзіцца яму ня сынам, а пляменьнікам ці малодшым братам?

Мая сястра таксама гуляла са мною, калі я была маленькая. І ўсе, хто ня ведаў нашай сумнай гісторыі, думалі, што яна мая маці. Але я сьпяшаюся адхіліць гэтыя фантазіі – для нашых часоў цалкам нерэальна, каб дарослы малады мужчына кожны дзень выгульваў свайго малодшага брата. Я разумею, што проста выдаю жаданае за рэальнае і пазьбягаю сустрэчаў – так лепей.

Калі яны на пляцоўцы пад маімі вокнамі, а мне трэба выйсьці ў краму, я тэлефаную свайму знаёмаму бакалейніку, які трымае маленькі олдскульны шапік на першым паверсе нашага дома. Там прадаецца гародніна і тое-сёе, што можа раптам спатрэбіцца (соль-фасоля, па якія цяпер не прынята хадзіць да суседзяў). Я апускаю на вяроўцы з гаўбца кошык са сьпісам прадуктаў і грашыма. Мы зь сястрой заўсёды так рабілі – у дзяцінстве такі спосаб хадзіць за прадуктамі вельмі нас забаўляў. Мама падказала нам гэтую гульню, пэўна, вычытала пра яе ў адной са сваіх бясконцых кніжак. На маёй памяці, яна ніколі не выходзіла са свайго пакою і вельмі шмат чытала, распавядаючы нам дзіўныя гісторыі.

Фото: Paul-Julien Robert

Іншым разам я проста прыкрываю твар шалем і выходжу сама. Часам спыняюся, каб крышачку паназіраць за хлопцамі зблізу і паслухаць, пра што яны гавораць, нягледзячы на небясьпеку – мне карціць больш даведацца пра гэтую парачку, якой я кожны дзень любуюся са свайго вакна. Нячаста пабачыш, каб бацька быў такі ўважлівы. Ды што там, нават мамы, якіх я ўвесь час бачу на вуліцы, звычайна нецярплівыя і нецікаўныя да свайго дзіцяці. Раздражнёна адштурхоўваюць, калі тое прыносіць ім свае скарбы: галубінае пёрка, прыгожы каменьчык, аскепак каляровага шкла ці гузік. Нячулыя да пытаньняў свайго малечы, яны з большай ахвотай адгукаюцца на размовы зь сяброўкамі, такімі ж абыякавымі да заняткаў і адкрыцьцяў сваіх дзяцей.

Я сядаю за фартэпіяна. Мой інструмэнт таксама дастаўся мне ад бабулі. Яны аднагодкі, але бабулі ўжо няма, а інструмэнт, які захаваўся ў выдатным стане, пры належным клопаце працягне яшчэ гадоў сто. Я не хадзіла ў музычную школу ды ня ведаю пакутаў прымусовых практыкаваньняў і нянавісьці да сальфеджыа. Мяне вучыла граць бабуля, па сутнасьці не вучыла нават, проста ў час скарыстала маю цікаўнасьць і перадала мне сваю любоў да музыкі і да свайго August Förster 1937 года, які прывезла з Польшчы, дзе ў 70-я гады служыў мой дзед. Разам з інструмэнтам адтуль прыехала калекцыя плястыкавых кружэлак з «Чырвонымі гітарамі» ды іншымі кануўшымі ў лету гуртамі, якія ўжо няма на чым паслухаць. Гнуткія аркушы з надрукаванымі на іх малюнкамі кветак, фотаздымкамі гарадоў і людзей, відаць, адпраўлялі адно адному на сьвяты ў якасьці музычных паштовак – інакш навошта гэтыя абачлівыя рысачкі для адрэсы? Трэба было завесьці старую магнітолу, і з гэтых плястыкавых аркушаў утваралася музыка.

На вочы трапляецца зборнік нот Яна Цірсана. Я пачынаю граць зь ліста Mother's Journey. Цірсан мілагучны і лёгкі, як шарыкі мятнага дражэ на паркетнай падлозе. Сонечныя промні, што ліюцца ў маю гасьцёўню, і музычныя пералівы сплятаюцца, нітуюцца ў адно. Я забываюся, адхіляюся ад нотнага тэксту, і мэлёдыю нясе далёка-далёка. Разам зь ёю прыходзіць вецер, ён уздымае і кружыць у паветры апалае лісьце. Вецер узмацняецца трывожным крэшчэнда. Сярод сонечнага дню аднекуль насоўваюцца хмары, яны гусьцеюць і чарнеюць. Вецер, бы наўмысна, гоніць іх сюды, на мой горад, нібыта на нечую замову. Музыка падпарадкоўваецца непагадзі, мажна і трывожна набірае абароты. Ці ўсё наадварот – гукі фартэпіяна ўтвараюць гэтую феерыю, кіруючы вятрамі, хмарамі ды маланкамі. Навальніца разгульваецца, хістае дрэвы. Я нарэшце прытомнею ад таго, што каштан за маім вакном зазыўна ды ўпарта маша мне галінамі, грукае ў шкло, сыпле лісьцем у адкрытую фортку і бразгае ёю, нібыта хоча пра нешта распавесьці. Я падыходжу і, прыўзьняўшыся на падваконьні, гляджу на двор. На зямлю буйна і ўпэўнена крапае дождж і пад скавытаньне ветру ды грукат грому паступова ператвараецца ў доўгія моцныя струмені.

Я бачу, што з боку дарогі бяжыць чалавек з маленькім хлопчыкам на руках. Я хапаю парасон, кідаюся ўніз, скачу праз прыступкі – за вакном пад'езда дрэвы моцна хістае – і выбягаю на двор. Каштан, як вялізны рычаг, выкарчоўвае сам сябе з-пад зямлі і пачынае павольна валіцца. Я сьпяшаюся прасачыць страшэнную траекторыю ягонага руху і, здаецца, у апошні момант выхопліваю адтуль маладога чалавека з хлопцам на руках і зацягваю іх на ганак суседняга пад'езду.

Дрэва-волат са страшэнным гукам падае побач. І пасьля гэтага вецер сьціхае.

Мы выдыхаем з палёгкай і некалькі хвілінаў стаім моўчкі, назіраем стыхію, спрабуем ачомацца ад хваляваньня. Дрэва перакрыла ўваход у іх пад'езд, і на правах ратавальніцы, я прапаную хлопцам падняцца да мяне і перачакаць навальніцу. Сэрца амаль выскоквае з грудзёў, пакуль мы тупаем на мой трэці паверх. У вітальні я нарэшце даведваюся пра тое, пра што трызьніла ўсе гэтыя месяцы. Я прысядаю ля малога:

– Спалохаўся? Нічога. Бачыш, усё ўжо добра.

Абдымаю хлопчыка за плечы:

– А я цябе ведаю. Ты Станіслаў? Праўда?

Хлопчык пагаджаецца, і я, асьмялеўшы ад незразумелага ўзрушэньня,ківаю на маладога чалавека, што стаіць побач:

– А тату твайго як завуць?

Хлопчык разгублена лыпае вачыма:

– Гэта ня мой тата. Гэта мой блат.

Аліса Бізяева
Верасень-лістапад 2016

Гэтае і 13 іншых апавяданьняў увайшлі ў зборнік «Дзяўчына на прыпынку», які можна замовіць на краўд-пляцоўцы Ulej.by.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Горшочек, вари: Вадим Прокопьев и Елена Микульчик выясняют, есть ли в Беларуси национальная кухня

Культ • Вика Луд

На прошлой неделе в Минске собрался круглый стол с лучшими поварами города, рестораторами, руководством Национального агентства по туризму, представителями агроусадеб. Тема встречи звучала так: «Перспективы гастро-туризма в Беларуси». По старой беларуской традиции участники превратили обсуждение в шум и балаган, что даже и каши не сваришь, где уж там место высокой кухне. KYKY предельно честно попытался разобраться, чем мы будем кормить туриста.